Гісторыя Мастоўшчыны



Легенда пра горад Масты

Было гэта даўным-даўно… Калі? Ніхто не ведае. На адным з астравоў, якіх у Нёмане было, як гароху, жылі юнак і дзяўчына. Яны вельмі кахалі адзін аднаго. Марылі аб вяселлі і шчаслівай будучыні.
Але была ў дзяўчыны суперніца. Аднойчы яна падслухала размову закаханых і даведалася аб часе іх новай сустрэчы. І вырашыла раз і назаўсёды пасварыць іх.
Спяшаецца юнак на спатканне, а яму насустрач ідзе суперніца. Кінулася да яго, абвіла шыю рукамі! І ўсё гэта бачыла другая… Пабегла ў роспачы, куды вочы глядзелі. Больш ніхто, ніколі аб ёй нічога не чуў.
Юнак не мог паверыць, што страціў каханую назаўсёды. Ён шукаў яе  і днём, і ноччу, і ў полі, і ў лесе. І вось, калі зусім страціў надзею, здарыўся цуд. Вясновай раніцай на адным з далёкіх астравоў ён убачыў адзінокую постаць дзяўчыны. Яна глядзела ў яго бок і  працягвала да яго  рукі… Сэрца скаланулася ад радасці і адчаю ў хлопца. Вось яна – яго каханая! Але глыбокія воды Нёмана былі страшэннай перашкодай!
Вырашыў юнак пабудаваць мост да вострава. Дзень працуе. Раніцаю глядзіць – ад мінулай работы нічога не засталося! Другі дзень працуе – раніцаю паўтараецца тое ж самае. І трэці, і чацвёрты раз нічога не далі. Зразумеў хлопец, што злыя сілы забараняюць яму сустрэцца з каханай. Толькі папараць-кветка магла яму дапамагчы.
Цёмнай купальскай ноччу рушыў юнак у непраходны лес. Ні ваўкоў, ні мядзведзей не баяўся. А тыя абыходзілі яго бокам. Як быццам, сам Гасподзь дапамагаў яму! Глядзіць – а перад ім папараць-кветка! Такая прыгожая! Ён не стаў яе ірваць, а толькі папрасіў дапамогі, і рушыў назад.
Калі ўзышло сонейка, дзяўчаты і хлопцы, якія вярталіся дамоў з лесу (яны таксама шукалі папараць-кветку), убачылі шмат мастоў, якія, як сонечныя промні, злучалі два далёкіх вострава. І на тым далёкім востраве стаяла пара: прыгожы, высокі хлопец і танюсенькая, як бярозка, дзяўчына. Яны стаялі ў абдымках, як быццам баяліся, што іх зноў могуць разлучыць.
Каханне перамагло ўсе перашкоды!
З таго часу на востраве сяліліся толькі закаханыя. А месца тое назвалі Мастамі.

Іншая версія

У раёне нашага горада ў Нёмана вельмі высокія, стромкія берагі. Прыстаць да іх розным рачным судам было нязручна і даволі страшна.                Таму мясцовыя жыхары, зацікаўленыя ў гандлі (а гандлявалі лесам, смалой, салам), пачалі будаваць масткі. Гэта былі драўляныя прыстасаванні на высокіх падпорах, якія ішлі ад берага далёка ў Нёман. Да гэтых масткоў і прышвартоўваліся лодкі, чаўны і іншыя рачныя пасудзіны.

Ад слова “масткі” і пайшла назва населеннага пункта Масты.








Комментариев нет:

Отправить комментарий