“Масты: на скрыжаванні дарог”



Удзел  ў інавацыйным праекце 
«Внедрение модели поликультурного воспитания обучающихся 
в воспитательное пространство региона».


Родны край… Колькі цеплыні і пяшчоты ў гэтых словах! Рамонкі і валошкі ў жытнёвым полі, высокія стромкія берагі Нёмана і ціхая бязбрэжная Прыпяць, доўгі клін журавоў у небе… Вы калі-небудзь бачылі, як бусляняты сустракаюць сваіх бацькоў? Распусцяць свае кволыя крылы і водзяць вакол іх карагод, нібыта выказваюць ім сваю павагу!
2018-2020 гады названы Гадамі малой радзімы ў Беларусі. Як гэта своечасова! Цяперашні час такі імклівы: мы ўсе недзе бяжым, спяшаемся, хочам пабачыць чужыя землі. Сваё не такое, а вось там!..
Аднойчы, падчас чарговай “форткі” у школе, я не засталася за падручнікамі і сшыткамі, а пайшла прагуляцца. У мяне былі 45 хвілін вольнага часу. Насупраць школы – невялікі парк са стадыёнам ды Нёман. А гэта быў пачатак вясны. Вы не паверыце, але адбыўся цуд! Я дыхала паветрам і не магла надыхацца! Я ўбачыла, што на дрэвах набухлі папурышкі і там-сям з іх ўжо гатовы былі паказацца маладыя бліскучыя лісточкі! А ад Нёмана веяла прыемнай прахалодай і бацькоўскай упэўненасцю… Божа, а яж гэтага не заўважала!
Досыць, час прыпыніцца, азірнуцца і сказаць сабе самой такую простую праўду: “Які ж прыгожы мой край! Ніякія заморскія землі не параўнаюцца з табою!”
У школе мне надарылася займацца адным з накірункаў інавацыйнага праекту па полікультурным выхаванні “Масты: на скрыжаванні дарог”. Я даведалася, што ў нас, на Мастоўшчыне, пражывае вялікая колькасць людзей розных нацыянальнасцей, культур, менталітэтаў, рэлігійных канфесій. І ўсе жывуць у згодзе і міры. Падчас знаёмства з нацыянальнымі асаблівасцямі таго ці іншага народа я заўважыла адну акалічнасць: у нас столькі падобнага, нават недзе, аднолькавага! Але для таго, каб параўноўваць, трэба добра ведаць сваё. На гэта мяне як раз і падштурхнуў той выпадак, які здарыўся са мной ранняй вясной. Для мяне, як быццам, адкрылася акенца, праз якое я ўбачыла наш беларускі свет. Мне захацелася яго пражыць, зразумець і адчуць яго душу. А душа, як вядома, жыве ў фальклоры.
І пачалася руплівая праца па зборы матэрыяла. Мая каманда, а гэта вучні былых 8-х класаў і майго 5 “Б”, дапамагала мне, як магла! Апытвалі сваіх бацькоў, бабуль, дзядуль, сваякоў і суседзяў, запісвалі акуратненька ўсё ў сшытак, а пасля з запалам дзяліліся сваімі творчымі здабыткамі. Не міналі і бібліятэкі, выкарыстовывалі дапамогу Інтэрнэта. Аналізавалі ўсё прачытанае і пачутае.
Я вельмі ўдзячна свайму бацьку-нябожчыку, Сянкевічу Уладзіміру Ільічу, які яшчэ пры жыцці расказаў мне столькі цікавага пра свае мінулыя гады! Як калядавалі, якія песні спявалі, у якія гульні гулялі. Мы, бывала, едзем да бабулі ў машыне і спяваем гэтыя песні… А як ён танчыў! Менавіта ад яго я навучылася “Падыспану”, “Нарэчаньцы”, “Кракавяку, “Каханачцы”. Ён родам з Навагрудчыны, з-пад Любчы.
Настаяцель Свята-Ільінскай царквы нашага горада Касьян Маркавіч Мазгоў распавёў нам аб тым, як калядавалі раней на Мастоўшчыне. Толькі мужчыны мелі на гэта права, спявалі толькі хрысціянскія песні, вядома, жартавалі. Казу не вадзілі, а вось калядная зорка была. Унутры яе змяшчалі свечку. Зорка круцілася, а свечка гарэла! Абавязкова наведвалі хаты з абразам з выявай нараджэння Збавіцеля. А ўжо пасля на атрыманыя грошы і прысмакі здымалі на ноч хату і ладзілі там вячоркі, бавілі час разам з дзяўчатамі ў танцах, гульнях і пацехах.
Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы праекта мне аказала  мінулае юнацтва. У свой час, будучы студэнткай гістарычнага факультэта Мінскага дзяржаўнага  педагагічнага інстытута імя М. Горкага, мне надарылася на працягу трох гадоў працаваць на будоўлі музея пад адкрытым небам у в. Азярцо пад Мінскам. Група апантаных нацыянальнай ідэяй сяброў пад кіраўніцтвам Генадзя Сагановіча (цяперашняга доктара гістарычных навук) і Віктара Грыбка (цяперашняга настаўніка англійскай мовы на Пастаўшчыне) ладзіла беларускія народныя абрады ў час паміж працаю. Я думаю, што вяскоўцы да гэтага часу памятаюць Вяселле і Купалле, у якім яны таксама прымалі самы актыўны ўдзел! Яны павінны памятаць пра будаўнічы атрад камуністычнай працы “Нашчадкі”! Менавіта адтуль у мяне такая любоў да мінуўшчыны і да беларускасці. Такіх чыстых адносін паміж людзьмі я больш нідзе і ніколі  не сустракала. А аб’яднаў нас беларускі нацыянальны фальклор. Вось адкуль ідзе сіла, дабро і любоў!
Паводле сабранага матэрыяла былі напісаны сцэнарыі беларускіх народных свят: “Гукання вясны”, “Каляд”, “Вялікдня”. Але самае цікавае было наперадзе! Усе гэтыя сцэнарыі былі здейснены насамрэч!
Вы б толькі бачылі, як сустракалі каляднічкаў! І ў хату запрашалі, і каўбасамі, і салам адорвалі! І так шчыра дзякавалі! А якія шчаслівыя былі самыя каляднічкі!
Калі рыхтаваліся да Гукання вясны, развучылі вялікую колькасць мясцовых вясновых песень, карагодаў, гульняў. Палілі Зіму, “плакалі”, праводзячы яе. Мы так спраўна гукалі вясну, што ўсе гледачы не ўтрымаліся і пусціліся з намі ў скокі!
Вы ведаеце, у нас у школе навучаюцца дзеці розных нацыянальнасцей, але ўсім было аднолькава весела і цікава!
А пра Вялікдзень ужо і гаварыць няма чаго! Гэта свята яднання душ і сэрцаў, час даравання адзін аднаму былых крыўд і горкіх слоў. Чырвоныя яйкі, духмяныя кулічы і столькі неабсяжнай радасці!
Мне хочацца верыць, што тыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія прайшлі разам са мною такі цікавы шлях да сваіх каранёў, ніколі не растрацяць тую пяшчоту, да якой датыкнуліся, тую чысціню, з якой сустрэліся, тую радасць і асалоду, якую атрымалі.
Мы зараз часта задаемся пытаннем: “Чаму раней людзі былі больш шчырымі, чаму не саромеліся хадзіць адзін да аднаго ў госці, чаму не баяліся пускаць чужынца ў хату?” А я думаю,  таму, жылі разам, святкавалі разам, гаравалі разам. Якая розніца, адкуль ты? Галоўнае, што ты паважаеш нашае, а мы паважаем тваё! Але самае, відаць, важнае, не забыцца на сваё! Вывучаць і захоўваць сваю спадчыну, прапагандаваць яе. Зрабіць так, каб беларуская культура не была толькі святочным фальклорам, а стала жыццём.
І тады, чытаючы Уладзіміра Караткевіча, будзеш не толькі бачыць літары і радкі, але і адчуваць тое, што чытаеш.

Мір гэтаму дому,
Дзе
шчасце мы бачыліўсе…
Вецер
шматкі саломы
Па мокраму снегу нясе,
Дожджык
імжыцца ціхі
(Вясковы
вячэрні час),
Карова з добрымі
ўздыхамі
Глядзіць з-за сена на нас;
Курка з цёплага
поклада
Кудахча, бы знесла
сусвет…
Прытульны, добры і цёплы
Наш беларускі свет.
Садок да рачулкі
збягае,
Хатка глядзіцца ў плёс.
……..
Арлы на свет вылятаюць
З такіх
менавіта гнёзд.
         У. Караткевіч


 



Комментариев нет:

Отправить комментарий